Ружанскі палацавы комплекс тоіць у сабе мноства паданняў і загадак. Многія з іх перадаюцца з вуснаў у вусны мясцовымі старажыламі, так і застаючыся неразгаданымі. Але ёсць адна скарбніца — музейны фонд, дзе ўжо сёння можна дакрануцца да рэальнай гісторыі вялікага роду Сапегаў. І захоўвае яе без малога пяць гадоў Іна Нячай.
Галоўны захавальнік фондаў Ружанскага музея — мясцовая, родам з в.Юндзілы. Пасля заканчэння Кавальскай базавай школы, дзе праявіліся яе неардынарныя мастацкія здольнасці і любоў да старажытнасці, паступіла ў Ваўкавыскі каледж (філіял Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы) на спецыяльнасць «Графічны дызайн». Затым замацоўвала сваё майстэрства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Атрыманая там спецыяльнасць «Кампаратыўнае мастацтвазнаўства» дазваляе сёння Іне адчуваць сябе ў музейнай сферы як рыба ў вадзе. Дзяўчына вывучае прадметы мастацтва пэўнага гістарычнага перыяду, вызначае іх сапраўднасць, узрост, сувязь з грамадска-палітычнымі і гістарычнымі падзеямі. Галоўны захавальнік чытае лекцыі, выступае на розных канферэнцыях, акрамя таго, з’яўляецца суарганізатарам выстаў і экспазіцый.
— Упершыню я прыйшла ў Ружанскі музей у 2013 годзе і больш за два гады працавала навуковым супрацоўнікам. Потым воляю лёсу нашы шляхі з музеем разышліся, — распавядае Іна Нячай.
Некаторы час яна была метадыстам у мясцовым Доме рамёстваў, загадвала Кавальскім сельскім клубам-бібліятэкай. І толькі ў 2017 годзе вярнулася ў Ружаны ў новым статусе.
— Прызнацца, спачатку было вельмі цяжка, — кажа дзяўчына. — Да мяне тут часта мяняліся галоўныя захавальнікі, таму давялося прыводзіць у парадак справаводства. Ездзіла на курсы, раілася з больш дасведчанымі калегамі. Вывучала новыя нарматывы, інструкцыі, звязаныя са зменамі ў сістэме перадачы прадметаў у Дзяржкаталог. Акрамя таго, патрабавалі прафесійнага догляду і спецыяльнай апрацоўкі сабраныя раней экспанаты, за якія я сёння нясу адказнасць.
Дарэчы, на дадзены момант асноўны фонд Ружанскага музея налічвае 1877 прадметаў, размеркаваных па чатырох калекцыях (рэчавыя, пісьмовыя, выяўленчыя і аўдыявізуальныя крыніцы). Акрамя таго, 1724 адзінкі складае фонд навукова-дапаможных матэрыялаў. Большасць экспанатаў захоўваецца ў сховішчы «за сямю пячаткамі».
— Памяшканне, шчыра кажучы, невялікае, мару аб яго пашырэнні. У сярэднім за год асноўны фонд музея папаўняецца 120 музейнымі прадметамі. І тут вялікую падтрымку нам аказваюць здатчыкі, якім мы вельмі ўдзячныя за падарункі, бо сродкаў на закуп экспанатаў мы не маем. Шмат прадметаў перадалі мясцовы жыхар Віктар Хлебест і жыхарка в.Поланск Алена Чыжык. Падтрымлівае нас і мясцовы краязнаўца, мастак, майстар народнай творчасці па выцінанцы Юрый Малышэўскі, рэпрадукцыі работ якога, дарэчы, сёння ўпрыгожваюць нашы Ружаны. Юрый Станіслававіч актыўна дзеліцца ведамі па краязнаўстве, папаўняе фонды прадметамі, у тым ліку аўтарскай выцінанкай, дапамагае арганізоўваць выставы. Супрацоўнічаем мы таксама з Ружанскай СШ і рыма-каталіцкай парафіяй Свята-Троіцкага касцёла.
Сабраныя прадметы музей дэманструе ў пастаянных экспазіцыях, а таксама на часовых тэматычных выставах, розных анлайн-праектах і музейна-педагагічных занятках.
— З музейнымі супрацоўнікамі мы ўвесь час працуем над удасканаленнем экспазіцыі, каб турыстам хацелася сюды вяртацца. Мы прапануем экскурсіі не толькі па музеі і палацы, але і па гарадскім пасёлку. Праводзім тэатралізаваныя рэгістрацыі шлюбаў, арганізоўваем квэст-гульні з элементамі анімацыі для дзяцей і моладзі. Перспектыва развіцця нашага музея неабсяжная, — з аптымізмам глядзіць наперад Іна Нячай.
А на пытанне, якім яна бачыць Ружанскі палац у будучыні, дзяўчына адказвае:
— Паглядзіце на руіны і ўсё зразумееце самі. Яны да гэтага часу ўражваюць сваёй прыгажосцю, веліччу і незвычайнасцю. Турысты (а сёлета іх пабывала ў нас ужо 20 тысяч) любяць спачатку азнаёміцца з заламі музея, а затым падысці да паўразбуранага галоўнага корпуса і дакрануцца да яго сцен… Трэба закансерваваць руіны, якія дораць людзям адчуванне даўніны і таямніцы, схаванай у каменных падзямеллях… Тут нават рэха, што адбіваецца ад цаглін, і вецер, які танцуе ў праёмах дугападобнай аркады, расказваюць гасцям свае паданні…
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік і Сяргея Талашкевіча.
Крыніца: Раённыя будні