21 жніўня ў Ружанскім замку адбылася пілотная імпрэза з праекта Беларускай федерацыі футбола «Падарожнічай па Беларусі» з мэтай папулярызацыі спорту нумар адзін і турызму па родным краі.
Ружанскі палац старажытнага беларускага роду Сапегаў вельмі падыходзіць да старту такога файнага праекта, бо тут вельмі адчуваецца дух былога Вялікага Княства Літоўскага і веліч нашага краю. Нездарма, удзельнікаў спаборніцтваў і гледачоў вітаў сам канцлер Сапега са сваімі паненкамі. На самой тэрыторыі палаца з’явіліся гульнявыя зоны, вялікая цішотка формы зборнай Беларусі па футболе і шапік з марозівам і піражкамі. І яшчэ, на радасць турыстам, каля замка блукалі крылаты трансформер-гусар Рэчы Паспалітай больш падобны да персанажа «Зорных войнаў», ды аніматар у вобразе статуі легендарнага брамніка Льва Яшына, цёзкі самага вядомага з Сапегаў. Агулам усё клёва, ды з густам. Тым больш на фоне такога велічнага палаца амаль усё бачыцца клёвым.
Пра саму імпрэзу і ідэю праекта распавеёў спецыяліст па працы з заўзятарамі АБФФ Юры Прымакоў, які, між іншым, з’яўляецца заснавальнікам мінскай міні-футбольнай каманды «Дыпламат», што брала ўдзел у турніры, і дзе гуляюць у асноўным супрацоўнікі амбасадаў розных краін:
Ідэя з’явілася даволі даўно. Само жыццё падказала, што ў футбол граюць паўсюль. Таму ўсё і адбылося!
Крышачку далей, каля палацу дапамагаў трансформеру-гусару той самы ружанскі чалавек у АБФФ, рэгіянальны мэнаджар па масаваму футболу па гораду Мінску Ігар Шамяцюк:
Так, ідэя правесці турнір тут у Ружанах ішла ад мяне. Першы турнір я тут праводзіў яшчэ ў 2019, калі працаваў у ружанскай школе. Потым, калі я пачаў працаваць у АБФФ, і Юрый Прымакоў далучыўся, і кіраўнік адзела маркетынгу АБФФ Юры Садоўскі прымае ўдзел у ажыццяўленні праекта. Мы будзем рабіць і далей, ужо ў другіх знакавых гістарычных мясцінах нашай Беларусі.
Каля футбольнага поля, дзе аматары гулялі па міні-футбольных правілах, за гульнёй назіралі некалькі дзясяткаў гледачоў. Уважліва за матчам назірала і тутэйшая паненка Валерыя, якая яшчэ паўгадзіны таму выконвала ролю шляхцянкі падчас адкрыцця спаборніцтваў:
У першую чаргу я сёння ўдзельнічаю тут у якасці шляхцянкі, сустракала гасцей. Ну і канешне, падтрымаю нашых ружанскіх хлопцаў. Сама футболам я не цікаўлюся, але землякоў варта падтрымаць.
Тым часам, барацьба на футбольным полі стала такая, што ажно рвалася сетка ў браме. Малады ружанскі футбаліст Аляксей расказаў пра мясцовую футбольную інфраструктуру:
Тут мы і гуляем, і трэнеруемся. Мы самі зрабілі гэта поля, і касілі, і варота зрабілі, і сетка наша. Увогуле, мы з камандай сабраліся пагуляць “па-кайфу”, бо мы ўсе вельмі любім футбол.
Агулам у турніры ў дзвюх падгруппах пад назвамі «Гетман» і «Канцлер» гулялі 8 каманд: ружанскія «Чэстар» ды ФК «Ружаны», пружанскія «Леганэс» і ФК «Пружаны», слонімскі «Альберцін», ФК «Селявічы» з Слонімскага раёныа, мінскі «Дыпламат», ФК «Ваўкавыск». У фінале «Альберцін» з лікам 2:0 адолеў «Леганэс» i стаў пераможцам, атрымаўшы кубак ад Сапегаў і АБФФ.
Свята футбола ў ружанскім замку адбылося! Цікава, у якім мейсцы будзе працяг «Падарожнічай па Беларусі»?
Цяжкае пытанне… бо прыгожых гістарычных гарадоў і мястэчак у нашай дзівоснай краіне вельмі шмат!
Аўтар: Мікіта ПАСТУХОЎ.
Крыніца: ПРЕССБОЛ