Мая нябачная Беларусь

Як бы магла выглядаць  страчаная архітэктурная спадчына Беларусі, каб яна ўсе ж захавалася? Ёсць фотаздымкі, графічныя рэканструкцыі, малюнкі мастакоў… Але як бы мастачка магла іх убачыць, прыехаўшы на пленэр у Асташын напрыклад, ці ў Воўпу, дзе цяпер  не захавалася нават цаглінкі ці дошчачкі ад былой архітэктурнай славы? Вось гэтая ідэя лягла ў аснову выставы “Мая нябачная Беларусь”, а таксама ў аднаіменны каляндар на 2024 год.

Мэтай праекта была не проста гістарычная рэканструкцыя, на якую Марыя нават не прэтэндуе. Мэта – стварыць у гледача настрой, карыстаючыся лёгкасцю і празрыстасцю акварэлі абудзіць гонар і цікавасць да беларускай гісторыі і культуры.

Выстава складаецца з 3 частак. Першая з 15 акварэляў прысвечана страчаным будынкам у Мінску. Харальная сінагога, велічны касцёл Тамаша Аквінскага, стракатая забудова колішняй Захараўскай вуліцы (сучаснага праспекта Незалежнасці), работы гэтай часткі напісаныя па фотаздымках з улікам апісання агульгана выгляду, матэрыялу даху і сценаў, адкуль і ствараўся мяркуемы колер. Напісаныя на рэльефнай акварэльнай паперы з цэлюлозы, у асноўным па-сухому, з прымяненнем невялікіх залівак.

Другая частка – акварэлі, дзе паўстаюць усе тыя ж страчаныя будынкі, але ўжо па ўсёй Беларусі. Прынцыпова адрозніваецца тэхніка напісання работ. Выкарыстоўвалася папера са 100% бавоўны, перад тым як пісаць, увільгатнялася з абодвух бакоў і выкладалася на падрыхтаваную паверхню (шкло, на якім раўнамерна расцягвалася мокрая баваўняная тканіна ці марля). Да таго, як пісаць, ліст, каб быў роўны, без хваляў, зверху яшчэ раз увільгатняўся мокрым пэндзлем. Дзякуючы такой падрыхтоўцы, атрымоўваюцца мяккія пераходы паміж колерамі, а дзе патрэбны дакладныя межы прадмета, перад напісаннем, трэба акуратна прамакнуць патрэбнае месца папяровай сурвэткай. Такім чынам, ліст застаецца максімальна вільготным, работа пішацца ў адзін этап, без лесіровак, што адпавядае тэхніцы “ала-прыма”. І яшчэ адно адрозненне –  спроба ўявіць, як бы аб’екты глядзеліся зімой, з гурбамі снегу, ці восенню, сярод жоўтага лісця.

Трэцяя частка – свяцільні. Спецыяльна для выставы, была выразана вялікая свяцільня з выявай Ружанскага палаца, пакуль адзіная ў такім памеры ў  практыцы мастачкі. А таксама свяцільні стандартнага памеру з выявамі касцёла ў Камаях, Заслаўя, Мірскага замка і Мінскага кафедральнага сабора.

Выстава працягнецца да канца студзеня 2024 года. Запрашаем наведаць!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*