Пачала дзейнічаць выстава «Песні роднай зямлі», прысвечаная Міхаілу Іванавічу Забэйдзе-Суміцкаму

Міхаіл Іванавіч Забэйда-Суміцкі нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 г.у вёсцы Шэйпічы недалёка ад Ружан. Оперны спявак сусветнага ўзроўню, лірычны тэнар, выканаўца славянскіх песень, педагог. Міхаіл узяў падвойнае прозвішча: ад бацькі – Івана Забэйды і маці – Аляксандры Суміцкай.

Вучыўся ў Шэйпічах і Зельзіне, затым у 2-класнай царкоўна-прыхадской школе ў Галоўчыцах. Скончыў Маладзечненскую настаўніцкую семінарыю ў 1918 годзе, і ўжо тады праявіў музычныя здольнасці.

З 1922 года навучаецца на эканамічным аддзяленні юрыдычнага факультэта Харбінскага ўніверсітэта, працуе над пастаноўкай голасу і дэбютуе з партыяй Ленскага ў оперы «Яўген Анегін». У 1929 г.становіцца спеваком Харбінскага Опернага тэатра, з 1932 праходзіць стажыроўку ў Міланскім тэатры Ла Скала. Тры гады навучаецца ў знакамітага Фернанда Карпі.

У Польшчы оперную кар’еру пачынаў у Познані з 1934 г., але з 1937 г. спявае ў Варшаве. Выступаючы на лепшых оперных сцэнах свету, Міхаіл Забэйда-Суміцкі заўсёды спяваў на мове арыгіналу. Рэпертуар уключаў і беларускія песні.

Першы канцэрт Міхаіла Забэйды-Суміцкага на радзіме адбыўся ў Ружанах. Там прысутнічала і маці спевака. Выканаўшы некалькі розных твораў, артыст праспяваў калыханку, якую ў дзяцінстве яму спявала маці. Зала доўга апладзіравала, маці вымушана была выйсці на сцэну да сына, са слязамі ад шчасця. А гэтая калыханка прайшла са спеваком праз усё жыццё, праз усе яго канцэртныя праграмы, стаўшы візітнай карткай.

З мая 1940 г. працаваў у Нацыянальным тэатры Прагі, у гэтым горадзе і пражыў да канца жыцця.

Намаганнямі дзеячаў беларускай культуры ў 1963 годзе адбыліся гастролі Міхаіла Забэйды-Суміцкага на радзіме. Па прызнанні самога артыста, гэта запрашэнне на гастролі стала для яго «вялікай узнагародай за ўсё тое, што прыйшлося вытрываць, несучы нашу песню ў свет». Аднак больш прыехаць на радзіму не дазволілі.

Памёр Міхаіл Забэйда-Суміцкі 21 снежня 1981 года. Сябры і музычная грамадскасць Прагі пахавалі яго на Альшанскіх могілках. Падчас развітання з артыстам, як рэквіем, гучала ў запісе на пласцінцы тая самая, вядомая ўжо тысячам слухачоў, матчына калыханка.

Дзякуючы падтрымцы Варшаўскага радыё, спявак выпусціў грампласцінкі з першым у Заходняй Беларусі запісам народных песень і вынес беларускі песенны фальклор на сусветныя сцэнічныя падмосткі.

Выстава знаёміць з дакументамі і фотаматэрыяламі жыцця спевака. Дапамогу ў арганізацыі выставы аказалі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і ДУК «Музей-сядзіба Пружанскі палацык».

Музычны фон выставы — гэта запісы песень і арый у выкананні Міхаіла Іванавіча Забэйды-Суміцкага, як на беларускай мове, так і на мовах краін Еўропы.

Выстава будзе дзейнічаць да канца мая.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*