«Ружанская брама» вярнулася!

Пасля некалькіх гадоў перапынку ў палацава-паркавым ансамблі роду Сапегаў у г.п. Ружаны аднавілася свята «Ружанская брама». Прайшло яно, як і было абвешчана, у мінулую суботу.

Некалькі гадоў запар масавыя мерапрыемствы абмяжоўваліся з-за каранавіруснай інфекцыі. Гэтая «карона» значна паўплывала на нашы звычкі, традыцыі, але як толькі хвароба крыху адступіла, людзі нібы спахапіліся, адчулі недахоп зносін. І сёлетняе лета стала гарачым не толькі па надвор‘і, але і па колькасці святаў рознага маштабу.

Забягаючы наперад, адзначым, што свята ў Ружанах было арганізавана на самым вышэйшым узроўні. Тут пастараліся ўсе: самі гаспадары, а гэта супрацоўнікі сельвыканкама, работнікі культуры як раённыя, так і мясцовыя, органы правапарадку і многія іншыя.

Даводзілася ўдзельнічаць у многіх мерапрыемствах такога кшталту, ёсць з чым параўноўваць. Адзначым, што наша было нічым не горшае за святкаванні, наладжаныя, напрыклад, у Мінскай, Гродзенскай, Гомельскай абласцях, а можа ў некаторых момантах і лепшае. На тэрыторыі палацавага комплексу панавала па-хатняму ўтульная, весёлая і яскравая атмасфера. Можна было паўдзельнічаць у рыцарскіх турнірах, пастраляць з лука, пакідаць на трапнасць сякеры, адчуць сябе рыцарам дамскага сэрца, патанчыць пад старадаўнюю музыку, якую так добра выконвала дзяўчына на валынцы. Былі і іншыя забавы, якія прыйшліся да спадобыяк дзецям, так і дарослым людзям.

Зацікавілі вырабы рамеснікаў, якія прыехалі не толькі з Пружаншчыны, але і з іншых куткоў Беларусі. Можна было набыць ганчарны посуд, гліняныя, гіпсавыя цацкі, статуэткі, вышываныя рушнікі, кашулі, блузы, бытавыя рэчы з дрэва і многае іншае на любы густ і кашалёк. Можна было паспытаць прысмакаў, пакаштаваць і купіць мёд, садавіну, агародніну. Зрабіць экскурсію па самім палацы, акунуцца ў эпоху шляхціцаў, уладароў, князёў…

А ў гэты час на сцэне свята выступалі шматлікія майстры мастацтваў.

Арганізатары паклапаціліся літаральна пра кожнага гледача — ад самых маленькіх да сталых. У адпаведнасці з гэтым фарміравалася праграма «Ружанскай брамы». Следам за канцэртам творчых калектываў і выканаўцаў раёна і вобласці на сцэну выйшлі госці са сталіцы — любімы многімі і добра знаёмы з дзяцінства заслужаны калектыў краіны, беларускі ансамбль народнай музыкі «Бяседа». Хіба можна было не пусціцца ў скокі пад іх «Марусеньку», «Вечарынку», «Гарыць касцёр», «Родную хату», «Мы вам жадаем», «Чарку на пасашок» і многія іншыя кампазіцыі? Госці свята проста не маглі ўсядзець на месцы, танцавалі і дарослыя, і дзеці. І, канечне, віталі калектыў Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам кампазітара, народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага шчырымі апладысментамі.

Наступнай часткай стаў своеасаблівы гістарычна-музычны экскурс — тэатралізаваная праграма «У будучыню праз стагоддзі». Падчас яе ўзгадалі гісторыю палаца, будаўніцтва якога распачалося напачатку XVII стагоддзя па распараджэнні канцлера ВКЛ, галоўнакамандуючага войскамі, гетмана Льва Сапегі. Успомнілі, што ў Ружанах раней была шыкоўная шматтысячная бібліятэка, існавалі вялікая мастацкая галерэя і адзін з лепшых у Еўропе тэатраў. Склепы ж палаца захоўвалі дзяржаўную казну.

     

Зачаравалі выкананне спеву «Господи, Иисусе Христе, помилуй мя грешного» і танец анёлаў.

З радасцю прывітаў гасцей на свяце старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Па словах кіраўніка раёна, яно стала сапраўдным брэндам Пружаншчыны. «Ружанская брама» брала перапынак, каб вярнуцца гучна і ярка.

Як адзначыў Міхаіл Міхайлавіч, рэстаўрацыя комплексу пачалася яшчэ ў 2008-м. За гэты час праведзена значная частка работ, але спыняцца на гэтым не збіраюцца. Згодна з Указам Прэзідэнта выдаткаваны дадатковыя сродкі з фонду па падтрымцы культуры і мастацтва на аднаўленне Беларускага Версалю. Уласна, зараз вядуцца работы па рэстаўрацыі ўсходняга тэатральнага корпуса, плануецца вярнуць гістарычны выгляд ўсходняй аркадзе. Міхаіл Грышкевіч пажадаў усім атрымаць асалоду ад свята і зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі.

А ці магло быць інакш? І вось на сцэне з’явіўся першы састаў народнага вакальнага ансамбля Пружанскага Палаца культуры «2+2» з песняй «Спадчына» на словы Аляксандра Казея і музыку Аляксандра Котава?!

Яны саступілі галоўную сцэнічную пляцоўку свята гасцям з Мінска — шоу барабаншчыкаў «Перцы». Гэта было гучна і віртуозна, а рытмы барабанаў выдатна дапаўнялі светлавое афармленне.

Яшчэ да пачатку канцэрта групы «Дразды» да сцэны пачалі прабівацца фанаты Віталя Карпанава і ўсіх астатніх удзельнікаў калектыву, каб зрабіць фота. Ну, а сам канцэрт гурта стаў сапраўдным усплёскам эмоцый. Усё яшчэ і таму, што яго песні добра вядомы маладому пакаленню. Не абышлося без кампазіцыі, якая апошнім часам стала сапраўднай візітоўкай выканаўцаў — «Хата бацькоў». У сценах Ружанскага палаца яна напоўнілася асаблівым сэнсам.

А вось святлом тэрыторыю комплексу запоўнілі мінскія фаершчыкі. Сапраўды, агонь ва ўмелых руках пераўтавараецца ў сапраўднае мастацтва!

Далей на першы план выступілі ўжо вакалісты, якіх госці свята, асабліва фанаты «Х-фактару», вельмі чакалі. На «Ружанскую браму» прыехалі фіналісты і суперфіналісты, бадай, самага рэйтынгавага тэлепраекта краіны.

Адзінаццаць выканаўцаў, якіх выбіралі суддзі і гледачы, за якіх мы разам перажывалі падчас прамых эфіраў, як пасля расказала Ніколь Фургал, упершыню далі канцэрт такім складам. Дарэчы, упершыню пабывалі «іксфактараўцы» і на Брэстчыне, што ўдвая прыемней для жыхароў нашага раёна. Артысты выканалі вядомыя хіты і аўтарскія кампазіцыі, многія з якіх знаходзяцца ў пастаяннай ратацыі беларускіх радыёстанцый. У кожнага вакаліста была свая «фішка». Так, пераможцу першага сезона Андрэя Панісава літаральна акружылі дзеці. Немагчыма было не пачаць танцаваць пад хіты ў выкананні Арцёма Чыркова. Выйшаў да гледачоў Фахрыдзін Хакімаў… Увогуле, пра гэты канцэрт можна расказваць яшчэ вельмі доўга. Таму з нецярпеннем чакаем другі сезон праекта «Фактар.by», які выйдзе на экраны ўжо ў кастрычніку, і спадзяёмся, што ён падорыць краіне яшчэ больш яркіх імёнаў.

Фінальным акордам свята стаў рознакаляровы феерверк. Ён быў дадзены ўжо 21 жніўня і размаляваў начное ружанскае неба яркімі фарбамі. Многія госці пасля прызнаваліся: такога салюту яны яшчэ не бачылі. Ды і само свята, канечне, застанецца ў памяці надоўга. Верым, што яно, як і раней, будзе традыцыйным і ўжо праз год зноў збярэ жыхароў усёй краіны і нават бліжняга замежжа ля сцен велічнага палаца.

Віктар Ільюшчанка, Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Крыніца: Раённыя будні

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*