Выстава «Сустрэча» заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор»

З 1 кастрычніка ў музеі пачала сваю працу новая выстава «Сустрэча» заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор».

Зварот да сучаснага мастацтва як можна лепей адпавядае стылістычнаму накірунку працы студыі «Дэкор». Ужо на працягу некалькіх гадоў вучні знаёмяцца з плынямі авангарднага мастацтва 20 стагоддзя, шукаюць свае тэмы і накірункі, мастацкія вобразы і сродкі іх выяўлення. Гэтаму напрамку дзейнасці прысвечаны шэраг цікавых выстаў, такіх як «Тэатр. Музыка. Кіно» у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, «Геаметрычны карнавал» ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, «Абстрактная калекцыя» ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

Працуючы над праектам «Сустрэча», кіраўнік з вучнямі адважыліся на смелы крок: пафантазіраваць на тэму таго, як можна сучасна і стыльна ўпрыгожыць беларускі нацыянальны тэатр выявамі вядомых жаночых літаратурных вобразаў. Перад вучнямі ставілася задача – выканаць сучаснае дэкаратыўнае пано для інтэр’еру тэатра, ў якім будуць раскрыты характары герояў праз тэму беларускага нацыянальнага касцюма і выразную мову авангарднага мастацтва. Таму праект павінен быць гістарычна дасканалым, сучасна стылёвым і накіраваным у будучыню. Па словах кіраўніка, Нілы Мікалаеўны Гарчанюк, дадзеная задача аказалася не з лёгкіх, аднак выклікала цікавасць у дзяцей. У прадстаўленым праекце адбылася сустрэча двух «брэндаў» беларускай культуры – авангарду і народнага мастацтва.

Натхняла іх мінулае народнай культуры, Віцебская мастацкая школа, а таксама творчасць мастакоў-авангадыстаў Наталлі Ганчаровай і Аляксандры Экстэр.

Роля педагога ў праекце – абудзіць творчае ўяўленне вучняў, дапамагчы рэалізаваць свой унутраны свет, паглыбіць веды па гісторыі мастацтва, перадаць сваё светаадчуванне ў фарбах, ажыццявіць пошук новага ў мастацтве. Нягледзячы на тое, што была дадзена агульная тэма, але кожным вучнем быў абраны свой шлях яе рэалізацыі.

Плён працы пачынаючых мастакоў і іх кіраўніка  можна пабачыць на выставе «Сустрэча» з 1.10.2024 па 1.12.2024.

Запрашаем наведаць!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*